8 лютага спаўняецца год з часу арышту ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава. У жніўні мінулага года Юры Лявонаваў быў вызвалены, з яго знялі ўсе абвінавачванні.
Што датычыць Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, то яны абвінавачваюцца ў падрыхтоўцы да тэрарытсычнага акта і бягучым часам знаходзяцца за кратамі.
Міжнародная супольнасць лічыць Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку ахвярамі рэжыма Лукашэнкі, а іх арышт – палітычна матываваным. Следства доўжыцца на працягу года, увесь гэты час ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад арыштам. Як паведаміў Рацыі Юры Лявонаў, ён спадзяецца на тое, што здаровы сэнс пераможа абсурдальныя абвінавачванні, якія высоўваюць супраць яго сяброў:
- Абсалютна абсурдныя абвінавачанні, яны нічога агульнага не маюць з рэальнасцю. Будзем чакаць першага паседжання суда, на якім гэтая сітуацыя можа змяніцца.
Як паведаміў напрыканцы мінулага месяца генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч, слуханні крымінальнай справы ў дачыненні да ваўкавыскіх прадпрымальнікаў будуць адкрытымі. Бягучым часам матэрыялы справы знаходзяцца ў вярхоўным судзе, і па папярэдніх звестках разгляд можа пачацца ў другой палове сакавіка.
Радыё Рацыя








Каментары