Міністр замежных спраў Фінляндыі Аляксандр Стуб выступае за поўнамаштабны ўдзел Беларусі ў ініцыятыве Еўрапейскага саюза "Паўночнае вымярэнне". Пра гэта ён заявіў падчас перамоў з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым 13 кастрычніка ў Хельсінкі.
Міністры таксама абмеркавалі магчымасць узаемадзеяння дзвюх краін на двухбаковай і шматбаковай аснове ў Савеце дзяржаў Балтыйскага мора.
Падчас рабочага візіту ў Фінляндыю Сяргей Мартынаў правёў сустрэчы з прэзідэнтам гэтай краіны Тар'яй Халанен, міністрам эканомікі Мауры Пекарыненам, міністрам знешняга гандлю і развіцця Паава Вайрыненам, а таксама ў фінляндскім парламенце.
Як зазначае прэс-служба МЗС Беларусі, прыярытэтная ўвага падчас сустрэч і перамоў Мартынава ў Хельсінкі была нададзена развіццю адносінаў Беларусі і Еўрапейскага саюза, у тым ліку ў межах ініцыятывы "Усходняе партнёрства", удасканальванню дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва Беларусі з ЕС, лібералізацыі яе гандлю з Еўрасаюзам і спрашчэнню візавага рэжыму для беларусаў.
"Абмеркавана шырокае кола пытанняў, што тычацца развіцця палітычнага дыялогу, гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, дагаворна-прававой базы, узаемадзеяння ў гуманітарнай і экалагічнай сферах, у галіне адукацыі і міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, — паведамляе прэс-служба. — Бакі асобна разгледзелі пытанне аб удзеле Беларусі ў рамачнай праграме фінляндскага ўрада "Ініцыятыва па пашыранай Еўропе", якая прадугледжвае магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў у сферах бяспекі і сацыяльнай устойлівасці, развіцця інфармацыйнага грамадства, аховы навакольнага асяроддзя і энергаэфектыўнасці".
Значная ўвага была нададзена пытанням узаемадзеяння Беларусі з Фінляндыяй у межах міжнародных арганізацый: ААН, АБСЕ, Савета Еўропы і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, паведамляе прэс-служба МЗС, паведамляе БелаПАН.








Каментары